УБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для ўборкі зернебабовых, кармавых (на сена, сянаж, сілас, травяную муку), алейных і некаторых пладова-агароднінных культур, бульбы, буракоў. Складаюць адну з асн. частак сельскагаспадарчай тэхнікі.
Комплекс У.м. па збожжавых культурах уключае жняяркі, збожжаўборачныя камбайны, падборшчыкі, капаклады, самаразгружальныя трансп. сродкі, машыны для пасляўборачнай апрацоўкі збожжа (зернеачышчальныя машыны, сартавальныя, калібровачныя), зернесушылкі, зернепагрузчыкі і інш. Ва ўборачныя комплексы па інш. культурах уваходзяць: бацвінне-, бурака-, ільно-, канопле-, коране-, сенаўборачныя машыны, бульба-, корма-, кукуруза-, сіласаўборачныя камбайны (гл. адпаведныя арт.), а таксама бульбакапалкі, граблі, прэс-падборшчыкі, стагакіды, сушылкі, трыеры, чаезборачныя машыны і інш.
На Беларусі розныя тыпы У.м. выпускае Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Лідскі завод сельскагаспадарчых машын і інш. Гл. таксама Сельскагаспадарчае машынабудаванне.
В.М.Кандрацьеў.
т. 16, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)